Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Расійская біятланістка абвінаваціла Дынару Смольскую ў гнюсных паводзінах. Лідарка зборнай Беларусі дала каментар «Люстэрку»
  2. Беларуску прымушаюць у адзіночку плаціць камуналку за траіх чалавек — усіх уласнікаў дома. Тлумачэнні юрыста
  3. ISW: Украинские подразделения используют сбои связи у российских войск и проводят ограниченные контратаки
  4. Лукашэнка «абсалютна раптоўна» прыбыў на вайсковы палігон. Міністра абароны пра гэты візіт «спецыяльна» папярэдзілі на гадзіну пазней
  5. Экс-представительницу ОПК по финансам Зарецкую в Эстонии подозревают в мошенничестве на 450 тысяч евро
  6. В минском театре, куда невозможно купить билеты, уволили директора
  7. У сеціве пішуць, што беларускага танцора брэйкданса асудзілі ў Кітаі на 11 гадоў турмы
  8. Угадаете, сколько желающих? Азаренок выпустил новый фильм, который показывают в кинотеатрах, — посмотрели, как расходятся билеты
  9. За кватэру, якую арыштавалі як маёмасць вядомай спартоўкі, зладзілі сапраўдную бітву. Жыллё прадалі з малатка
  10. «Пакуль муж — ляжачы хворы». Жонка Аляксандра Мілінкевіча расказала пра стан палітыка
  11. «Мы чуем фразу — і не разумеем». Гендарная даследчыца пра статус Марыі Калеснікавай і пра тое, чаму на яе словы такая рэакцыя
  12. «Мінск перайшоў чырвоную рысу». Аналітык — пра тое, чым абумоўленая заява Зяленскага пра «рызыку ўцягвання беларусаў у вайну»
Читать по-русски


/

Ужо больш за тры тыдні ў Кіеве працуе беларускі пункт нязломнасці. Нашыя валанцёры прыходзяць туды штодзень, каб дапамагчы жыхарам Кіева перажыць жахлівую зіму ва ўмовах адсутнасці электрычнасці і ацяплення. Сярод іх экс-палітзняволеная Ірына Шчасная. Падчас працы ў пункце нязломнасці жанчына знайшла трохі вольнага часу, каб расказаць «Люстэрку», як узнікла ідэя стварыць такі пункт, пра супрацу з мясцовай адміністрацыяй, рэакцыю ўкраінцаў на «Жыве Беларусь» і пра тое, чаму балюча глядзець на дзіцячыя малюнкі.

Ірына Шчасная наносіць макіяж падчас сваёй змены ў пункце, Кіеў, Украіна, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Ірына Шчасная наносіць макіяж падчас сваёй змены ў пункце, Кіеў, Украіна, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

З восені 2022 года ва Украіне працуюць так званыя «пункты нязломнасці» — спецыяльныя месцы, дзе людзі могуць у любы час бясплатна знайсці электрычнасць, інтэрнэт, цяпло, лекі, ваду і ежу. Такія месцы ствараюць і самі людзі, у тым ліку прадстаўнікі дыяспар. Так, у Кіеве працуюць казахстанскія «юрты нязломнасці».

Беларускі пункт існуе дзякуючы валанцёрскаму цэнтру «Сустрэча». Гэты праект жыве за кошт ахвяраванняў. Падтрымаць дзейнасць беларусаў ва Украіне можна праз PayPal ці Revolut (па спасылцы альбо па нумары карткі 5 354 563 141 951 556).

«Прадэманстраваць, што беларусы не агрэсары, што яны спачуваюць украінскай бядзе»

Ірына прыехала ва Украіну ў пачатку года — гэта яе першы візіт у краіну пасля паўнамасштабнага ўварвання. Раней, прыгадвае яна, Украіну наведвала шмат разоў і вельмі любіць яе. Таму калі атрымала прапанову паехаць і дапамагчы — не вагалася і выехала з Польшчы ў Кіеў.

— Сітуацыя сапраўды фактычна катастрафічная. Я ведала, што ў валанцёраў тут не хапала рук, не хапала сродкаў. Таму калі з’явілася такая прапанова, я пагадзілася. Бо бачыла, як цяжка і якая жахлівая сітуацыя складваецца ў Кіеве, блізкім мне горадзе. Я тут была шмат разоў, да арышту я тут жыла. Таму я ведаю гэты горад, гэтых людзей, мне іх вельмі шкада і вельмі хацелася хоць нечым дапамагчы.

Ірына Шчасная — актывістка, у 2020 годзе была адміністратаркай тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь». Перад прэзідэнцкімі выбарамі яна дзеля бяспекі выехала ў Кіеў, але потым вярнулася. У лістападзе 2020 года жанчыну затрымалі. Ірыну асудзілі па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і далі чатыры гады калоніі. Яна адбыла ўвесь тэрмін і выйшла на волю летам 2024 года, а потым выехала ў Польшчу.

Ва Украіну Шчасная прыехала на запрашэнне беларускага валанцёрскага цэнтра «Сустрэча». Цяпер яе асноўная дзейнасць — дапамога іншым, расказвае жанчына.

— У студзені ўзнікла ідэя стварыць беларускі пункт нязломнасці, каб прадэманстраваць, што беларусы не агрэсары. Што гэта людзі, якія спачуваюць украінскай бядзе і гатовыя быць побач у цяжкія хвіліны, — кажа яна. — Таму тут, у Дарніцкім раёне, горада Кіева паўстаў беларускі пункт нязломнасці.

Пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі валанцёрамі ў Кіеве на фоне энергетычнага калапсу ў сталіцы Украіны пасля маштабаваных атак Расіі на энергасістэму краіны, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі валанцёрамі ў Кіеве на фоне энергетычнага калапсу ў сталіцы Украіны пасля маштабных атак Расіі на энергасістэму краіны, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

Пункт — гэта вялікі вайсковы намёт. У ім стаяць дзве канапы, два прыстасаванні для абагрэву, генератар, вялікі стол, кушэтка. На ўсялякі выпадак ёсць медыцынскія аптэчкі. І, вядома, ежа, гарбата і кава, расказвае беларуска.

— Тут можна зарадзіць тэлефон, паўэрбанкі, папіць гарбаты, кавы, можна нават паесці. Людзей прыходзіць шмат, таму праз недахоп месца мы цяпер ставім побач яшчэ адзін такі намёт.

«Спачатку для людзей гэта было дзіўна, але потым усе прызвычаіліся»

Дарніцкі раён, у якім знаходзяцца беларускія намёты, вельмі небяспечны, кажа Ірына.

— Тут няма стратэгічных аб’ектаў, стаяць дамы-брэжнеўкі збольшага. Але ў іх ляціць, ляціць і ляціць, — расказвае беларуска. — Калі паглядзець, то вельмі многія вокны зацягнутыя цэлафанам ці забітыя фанерай. Таму ў кватэрах холад. І гэта ўсё ўскладняецца дрэннымі ўмовамі надвор’я, перыядычнымі атакамі і пашкоджаннямі ТЭЦ. Толькі энергетыкі аднаўляюць інфраструктуру — чарговы прылёт, і ўсё трэба рабіць нанова. Мясцовы жыхар акурат працуе на адной з ТЭЦ, і ён кажа: яшчэ адзін прылёт — і будзе зусім бяда.

Калі з’явілася ідэя арганізаваць пункт нязломнасці, працягвае суразмоўніца, актывісты звязаліся з адміністрацыяй Дарніцкага раёна. Там падказалі, дзе найбольш патрэбная дапамога і дзе лепш паставіць намёт.

 — Усё існуе дзякуючы данатам і беларускай дыяспары. Калі пункт нязломнасці пачаў сваю працу, далучыліся мясцовыя жыхары, добраахвотнікі з дапамогай. І, натуральна, шмат дапамагае адміністрацыя: і нейкімі прадуктамі харчавання, каб мы мелі магчымасць карміць людзей, і валанцёрамі.

Пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі валанцёрамі ў Кіеве на фоне энергетычнага калапсу ў сталіцы Украіны пасля маштабаваных атак Расіі на энергасістэму краіны, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі валанцёрамі ў Кіеве на фоне энергетычнага калапсу ў сталіцы Украіны пасля маштабных атак Расіі на энергасістэму краіны, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

З людзьмі і паміж сабой валанцёры размаўляюць па-беларуску. Таму ўсе, хто звяртаецца па дапамогу, адразу разумеюць, адкуль тыя, хто стварыў гэты пункт, адзначае Ірына.

— Спачатку для людзей было трохі дзіўна, але потым прызвычаіліся, усе ведаюць, што тут ёсць беларускі намёт, — расказвае Ірына. — Я нават такога не чакала, але амаль усе кажуць: «Мы разумеем, што беларусы — не ворагі, што беларусы — гэта не рэжым». Таму стаўленне да нас вельмі цёплае. Я ўвогуле з негатывам не сутыкалася, хаця калі заязджала (ва Украіну. — Заўв. рэд), нават комплекс нейкі быў, што я беларуска. Думала, што буду сутыкацца з папрокамі ў свой бок. Але пакуль я кожны дзень бачу дзясяткі кіяўлян і не толькі — і ніхто, ніводны чалавек не сказаў, што беларусы дрэнныя. Ды і з мовай праблемаў няма: я была здзіўленая, але вельмі шмат кіяўлян размаўляе па-руску. Таму сапраўды такі разадзьмуты міф пра прыцясненне «русского языка». Такога няма.

«Калі святла няма, і няма доўга, людзей вельмі шмат»

Беларускі пункт нязломнасці працуе круглыя суткі. Кожную ноч ёсць варта, чалавек, які не спіць і гатовы прыняць людзей. На месцы можна знаходзіцца розная колькасць валанцёраў: бывае, адзін-два чалавекі, бывае, 10−15.

Мясцовыя жыхары каля пункта нязломнасці, арганізаванага беларускімі актывістамі ў Кіеве, 6 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Мясцовыя жыхары каля пункта нязломнасці, арганізаванага беларускімі актывістамі ў Кіеве, 6 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

— Нам заўсёды патрэбныя рукі. Гэта і закупка паліва, і нейкія будаўнічыя і тэхнічная праца з абсталяваннем, якое тут ёсць. Абавязкі не асабліва размеркаваныя, таму робіш што можаш. Хтосьці можа пайсці памыць посуд, схадзіць у краму па неабходнае. Хтосьці — паглядзець узровень дызелю ў генератары. Я тут звычайна цэлы дзень, з раніцы да вечара, на той выпадак, калі прыйдуць людзі і трэба будзе зрабіць кавы, неяк дапамагчы, — расказвае беларуска.

Колькасць наведнікаў моцна залежыць ад таго, ці ёсць у кватэрах на раёне святло, кажа суразмоўніца. Напрыклад, калі даюць электрычнасць, людзі намагаюцца хуценька зрабіць свае справы: папраць, прыгатаваць ежу (у каго электрычная пліта), падзарадзіць усё што можна.

— А калі святла няма, і няма доўга, людзей вельмі шмат. Тады неабходныя дадатковыя рукі, таму што проста не паспееш, — расказвае Ірына. — Гэта збольшага ўкраінцы. Прыходзяць з мэтай абагрэцца, папіць гарачага, паесці і зарадзіцца. Таксама заходзяць павітацца і паразмаўляць, калі хто з крамы альбо з працы міма ідзе. Шмат падзяк у наш бок, таму што людзям гэта сапраўды неабходна.

«Дзеткі бачылі на ўласныя вочы ўсю гэтую вайну»

Самыя частыя госці ў намёце — дзеці і сталыя людзі, працягвае жанчына. Спачатку малодшых наведнікаў прыводзілі бацькі, а потым, пабачыўшы, што ўсё добра, іх пачалі адпускаць саміх. Дзеці прыбягаюць, каб пагрэцца і папіць гарбаты. Дзеля іх валанцёры спецыяльна набылі праектар — і ўключаюць мульцікі.

— Таксама набылі настолкі, паперу, фламастары, алоўкі, — дадае Ірына. — У нас ужо ўвесь намёт у іх малюнках. І вельмі адметна, што на іх няма звычайных дзіцячых вобразаў кшталту сонейка ці доміка. Там танкі, ракеты, сцягі, ваенная тэматыка. Тое, што дзеткі бачылі. Шмат з іх — гэта перасяленцы з Данбаса. Яны бачылі на ўласныя вочы ўсю гэтую вайну. Гэта проста жахліва.

Хлопчыкі малююць у беларускім пункце нязломнасці, арганізаваным беларускімі актывістамі ў Кіеве, 6 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Хлопчыкі малююць у беларускім пункце нязломнасці, арганізаваным беларускімі актывістамі ў Кіеве, 6 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

І яшчэ на адзін момант звяртае ўвагу Ірына:

 — У нас вельмі шмат усялякіх смачняшак, прысмакаў, шакаладак, печыва. Але калі дзеткі пяці, шасці, васьмі ці дзесяці гадоў прыходзяць, у першую чаргу просяць проста гарачай гарбаты, а не чагосьці смачнага. Ты разумееш, як ім холадна. І гэта жахліва. Што зрабілі гэтыя дзеці дрэннага ў сваім жыцці і чаму яны мусяць так пакутаваць?..

Што да сталых людзей, то паводле суразмоўніцы, яны часцей прыходзяць пагаварыць, каб хтосьці выслухаў тое, што ў іх на сэрцы.

— Мы гэта ўсё разумеем, ведаем сітуацыю ў Кіеве. Але ім хочацца выказацца пра тое, як няма вады, як няма святла, як холадна, як яны мерзнуць. Вядома, выслухоўваем, ніводнаму чалавеку мы не сказалі «прабачце, у нас справы і няма часу», — запэўнівае жанчына. — Хтосьці расказвае пра ўласнае жыццё, пра маладосць. Ёсць такі наратыў, што людзі пенсійнага ўзросту сумуюць па Савецкім Саюзе найбольш, успамінаючы сваю маладосць. Але мы бачым, што яны ўсё разумеюць. Ведаюць, адкуль ляцяць ракеты, праз што ў іх у кватэрах лёд на сценах. Увогуле, я б нават сказала, што часткова наш пункт нязломнасці ператварыўся ў цэнтр экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Хаця ў мяне адукацыі псіхолага няма, але вось людзі ідуць — і ты слухаеш.

«Заходзіць чарговае дзіця ці бабуля — і думаеш: ну якое адпачываць?»

Але не менш, чым беларусы, нашых валанцёраў падтрымліваюць самі кіяўляне. Ірына згадвае жанчыну, якая ўстае, а пятай раніцы і пячэ піражкі ці варыць суп, каб накарміць тых, хто нясе варту ў пункце нязломнасці.

— Вось зараз мясцовыя жыхары прынеслі нам фруктовае жэле хатняе з суніц, вінаград. І так кожны дзень. Бабулечкі часта нясуць траўкі, настойкі. Кожны хоча хоць нечым дапамагчы, каб беларускі пункт нязломнасці працаваў далей, — кажа Шчасная. — Яшчэ ўспомніла, як адна бабулечка прынесла нам у падарунак аўдыёкасету «Песняроў». Вядома, яна проста ляжыць, бо дзе мы будзем яе слухаць, калі ў нас калонка і сучасныя дэвайсы. Але магчыма, гэта будучы экспанат для нейкага музея. І такіх цёплых прыкладаў вельмі шмат.

Мясцовая жыхарка прыйшла ў пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі актывістамі ў Кіеве, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia
Мясцовая жыхарка прыйшла ў пункт нязломнасці, арганізаваны беларускімі актывістамі ў Кіеве, 3 лютага 2026 года. Фота: Anastasia Vlasova/LookByMedia

Экс-палітзняволеная гаворыць, што пакуль патрэбная дапамога, яна б хацела заставацца ў Кіеве.

— Я тут пажыла, паглядзела, і, шчыра кажучы, мне б хацелася заставацца ва Украіне. Вось так кажа сэрца. Нягледзячы на гэтую ўсю і сітуацыю, і прылёты, і трывогі паветраныя. Бо Украіна нагадвае мне радзіму. Я не маю магчымасці вярнуцца ў Беларусь. А тут вельмі набліжаны варыянт майго дому. Тут мне цёпла як нідзе, — прызнаецца яна.

Знаходзіць сілы дапамагаць іншым, як ні парадаксальна, Ірыне Шчаснай дапамагае досвед за кратамі.

— Я ведаю, што акрамя маіх родных са мной побач былі людзі, у якіх хапала сілы праходзіць праз гэта ўсё чатыры гады. І мне хочацца рабіць тое ж самае. Вядома, бываюць часам думкі, што «ай, усё, я паеду адпачываць, колькі можна». Але потым заходзіць чарговае дзіця ці чарговая бабуля ці проста хтосьці павітацца, ты бачыш усмешку ці сум у вачах, і думаеш: ну якое адпачываць? — дзеліцца жанчына. — Ды і куды я паеду адпачываць? У мяне таксама холадна і няма электрычнасці. Таму застаешся і ведаеш, што трэба працягваць, што разам — лепш.