Улады суседніх краін ЕС — Польшчы, Літвы і Латвіі — не ідуць на канструктыўны дыялог з Мінскам, паскардзіўся дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
— Ні адзін урад, ні Польшчы, ні Літвы, ні Латвіі, не ідзе на канструктыўны дыялог, не хоча весці нармальную міжнародную практыку, як гэта прынята ў свеце: па лініі міністэрстваў замежных справаў знаходзіць спосабы вырашэння тых праблемных пытанняў, якія ёсць паміж дзвюма дзяржавамі, — заявіў Аляксандр Вальфовіч.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок ніяк «не прыціскае інтарэсаў» Польшчы, Літвы ці Латвіі: «Мы не дыктуем ім, як жыць. І не трэба нам дыктаваць».
Нагадаем, зусім нядаўна кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў выказаў упэўненасць, што «хутчэй за ўсё ўзаемадзеянне адновіцца з Польшчай». З ягоных словаў, Варшава «бачыць сябе рэальным рэгіянальным лідарам і робіць усё, каб гэтага дасягнуць, — праводзіць прагматычную палітыку».
Кіраўнік МЗС спадзяецца, што ў Польшчы забудуць пра 2020 год у Беларусі, «падвядуць рысу пад гэтай гісторыяй» і «пачнуць выбудоўваць супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў па абодва бакі мяжы, вяртацца да гандлёва-эканамічнага і міжчалавечага ўзаемадзеяння з Беларуссю».
У той жа час у Літве, на думку Рыжанкова, палітычная эліта «абавязаная сваімі пасадамі <…> брусэльскаму або вашынгтонскаму абкамам» і «будуць рабіць усё, што ім адтуль скажуць».
— Гэтым яны непрадказальныя. Складана працаваць з партнёрам, які прачынаецца з галаўным болем, а засынае — з зубным, ад чаго ў яго змяняецца настрой. І калі адкрыецца акно магчымасцяў для аднаўлення супрацоўніцтва, трэба будзе некалькі разоў падумаць, наколькі адкрываць гэтае акно і ці трэба наогул яго адкрываць, — падзяліўся Рыжанкоў.





