Супрацоўнікі літоўскай мытні затрымалі буйную партыю кантрабандных цыгарэт у пасажырскім аўтобусе, які заехаў у Літву з боку Беларусі.
Маршрутны аўтобус быў спынены ў пункце пропуску «Мядзінінкай». Кіроўцы заявілі, што не перавозяць ніякіх забароненых тавараў, аднак у мытнікаў узніклі падазрэнні з прычыны нязвыкла малой колькасці пасажыраў — у салоне было ўсяго сем чалавек.
Падчас паглыбленага надгляду кантрабандныя цыгарэты знайшлі ў столі спальнага месца кіроўцаў, а потым і ў іншых частках аўтобуса: пад ашалёўкай, у падлозе і розных канструкцыйных поласцях транспартнага сродку.
Усяго канфіскавалі 2500 пачкаў цыгарэт маркі NZ Gold. Агульны кошт грузу з улікам падаткаў склаў 12 375 еўра.
Па факце здарэння пачатае дасудовае расследаванне. У дачыненні да абодвух кіроўцаў суд выбраў меры стрымання: забіранне дакументаў, пісьмовае абавязанне не пакідаць краіну і абавязак рэгулярна адзначацца ў паліцыі.




